З аднаго боку, папярэдзіць пажары даволі лёгка, дастаткова ўважліва прааналізаваць асноўныя прычыны, па якіх яны здараюцца. Няспраўнае пячное ацяпленне, парушэнне правілаў спальвання смецця на прысядзібных участках, неасцярожнае выкарыстанне агню, няспраўныя электрапрыборы… Кожная з гэтых прычын узнікае з-за нашай неасцярожнасці або нядбайнасці. Нескладана патраціць дзень-два на ўхіленне недахопаў, каб потым працяглы час не хвалявацца за бяспеку сваёй маёмасці і здароўя.
Але ў гэтага «медаля» ёсць і адваротны бок: так званы чалавечы фактар, які амаль што немагчыма перамагчы. Большасць гаспадароў мяркуе, што бяда мінуе яго, таму што ў яго хаце або на ўчастку ўсё ў парадку. Такое заспакаенне аслабляе ўвагу і кантроль, і самая невялікая дробязь можа прывесці да вогненнага здарэння. І падобнае стаўленне, як зазначаюць пажарныя, сустракаецца даволі часта.
— Толькі ў г.п. Шарашэва з пачатку бягучага года здарылася тры пажары, хаця за той жа леташні перыяд не было ніводнага, — падкрэслівае начальнік сектара нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Аўдзейчык. — Ва ўсіх выпадках мяркуемая прычына — неасцярожнае выкарыстанне агню гаспадарамі або іншымі асобамі. Можна сказаць, не было ніводнага здарэння, якое нельга было б прадугледзець і папярэдзіць.
У гэтым мы пераканаліся на свае вочы, калі на мінулым тыдні разам з работнікамі РАНС праверылі жылы сектар пасёлка. Інспекцыйны агляд атрымаўся даволі маштабным, у ім былі задзейнічаны некалькі груп выратавальнікаў, а таксама далучыліся супрацоўнікі міліцыі. І амаль у кожным доме выяўлены патэнцыяльная падставы для трагедыі.
Трэба дадаць, што падобныя рэйды з удзелам супрацоўнікаў міліцыі таксама прайшлі і ў населеных пунктах Пружанскага сельсавета. Інспектарамі кіраваў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой. Паводле яго слоў, і тут былі выяўлены тыповыя недахопы.
Напрыклад, у гаспадыні прыбраная хата, у пакоях падтрымліваецца парадак, працуе аўтаномны пажарны апавяшчальнік. А вось надворныя пабудовы патрабуюць прыкладання майстравітых рук: тут назбіралася нямала лёгказапальваемага смецця, у «дровы» ператварыўся хлеў. Дастаткова адной іскры, каб пабудова стала вялікім кастром, які закране і дом.
І для магчымага загарання нават запалку не давядзецца кідаць: былі зарэгістраваны вогненныя здарэнні, крыніцай узнікнення якіх сталі… кінутыя пластыкавыя бутэлькі. Яркія сонечныя прамяні, праходзячы праз іх, канцэнтруюцца і набываюць моцную энергетыку. І кожны з нас ведае, як можна з дапамогай вось такой «лінзы» запаліць касцёр.
У другой хаце — таксама парадак, стаіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Вось толькі дыванок на падлозе ўпіраецца ў печку.
— Калі печ запальваю, я абавязкова адсоўваю дыванок,— запэўнівала пажарных інспектараў жанчына.
З гэтым ніхто не спрачаецца, вось толькі правілы катэгарычна забараняюць такі падыход. А яны напісаны не проста «з галавы», а на падставе рэальных трагедый. Ці магчыма такое, што гаспадары забудуцца адсунуць дыванок? А можа ён сам ад лёгкага штуршка разгорнецца? Такое можа здарыцца ў любы момант, а агонь не даруе неасцярожнасці.
Сустракаліся і такія з’явы, калі майстры ладзілі зварачныя работы ў метры ад хлява і складзеных уздоўж яго сцяны дроў. Апошнія добра высушаныя і, калі раптам на іх трапяць іскры, не будуць дыміць, а пад вулічным ветрам адразу ўспыхнуць кастром. Зноў жа гаспадар сцвярджаў, што трымае «сітуацыю пад кантролем».
Вось менавіта з-за такога стаўлення вельмі складана спыніць пажары. Папярэджанні, рэкамендацыі і нават заўвагі застаюцца непачутымі словамі. Тлумачальныя лістоўкі адкладваюцца пад тэлевізар, каб потым таксама пайсці на распальванне печкі. Потым, калі раптам тэрмінова набіраем «101» або «112», пачынаем вінаваціць іншых, а не сябе. Пры тым, што па ўласнай нядбайнасці давялі сітуацыю да трагічнага фіналу.
Алег Сідарэнка.
Фота аўтара