У Беларусі актыўна ўвекавечваюць памяць выдатных людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё і працвітанне свайго рэгіёна і краіны ў цэлым. Імёнамі вядомых асоб названы вуліцы і скверы, вялікія праспекты і маленькія арганізацыі. З 2016 года Указ Прэзідэнта «Аб увекавечанні памяці аб загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў» даў дадатковы імпульс для работы ў гэтым напрамку. Толькі ў мінулым годзе прыкладна 20 школам Брэсцкай вобласці быў нададзены статус імянных. Да іх ліку ў аўторак дабавілася Шарашоўская сярэдняя школа.
Магчыма, хтосьці скажа, што гэта проста даніна модзе і дадатковыя дывідэнды ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Дазвольце не пагадзіцца. Пабываўшы на такім мерапрыемстве, дакладна разумееш, што ідэалагічны складнік у выхаванні нашай моладзі сёння трымае высокую планку. Мы ведаем і бачым, што адбываецца ў нашых суседзяў, можна сказаць, на нашым парозе, і ў што гэта выліваецца. Таму граматнае выхаванне падрастаючага пакалення, вяртанне да гісторыі, да нашых каранёў, прамы напамінак пра подзвігі герояў — не проста словы, а галоўны фактар фарміравання правільнага светапогляду дзяцей і падлеткаў. За імі будучыня, а значыць, наша стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
— Як карабель назавеш, так ён і паплыве, — падкрэслівае дырэктар Шарашоўскай СШ Павел Пракаповіч. — Гэта памятная дошка з імем нашага земляка, знакамітага танкавага камбрыга Героя Савецкага Саюза Міхаіла Васільевіча Хацімскага — гонар і слава, вялікая адказнасць для вучняў і настаўнікаў у далейшым вывучэнні гісторыі нашага краю, культуры рэгіёна ў цэлым. Мы ацэньваем усю ступень даверу, аказаную нашай школе, і павінны адпавядаць гэтай высокай планцы, імкнуцца ў сваіх справах быць заўсёды на вышыні, выхоўваць у дзяцей высокія арыенціры і маральныя каштоўнасці на прыкладзе выдатных учынкаў герояў.
Любіць сваю маленькую радзіму, сваю зямлю і свой народ, як любілі, і абараняць, як абаранялі яе землякі — асноўная задача. Сёння мы шануем іх памяць сваімі ўчынкамі, а іх ратны подзвіг увекавечваецца не толькі на старонках падручнікаў, але і ў назвах устаноў культуры і адукацыі. Гэта сур’ёзны выклік нацызму і жорсткасці, якія квітнеюць ля нашых межаў і як ракавая пухліна пранікаюць у суседнія дзяржавы. Мы ўсе добра памятаем падзеі 2020-га года ў нашай краіне і зараз дакладна ведаем, што б з намі было, калі б разумны сэнс не ўзяў верх над цёмнымі сіламі. А праява зла цягне за сабой боль, слёзы і хаос, чаго дапусціць мы не можам ні пры якіх абставінах, — падкрэсліў Павел Васільевіч.
— Сённяшняе мерапрыемства праходзіць напярэдадні аднаго з галоўных святаў нашай краіны — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Тут праглядаецца пераемнасць пакаленняў і прамы напамін пра тое, што менавіта нашы бацькі і дзяды заваявалі гэтую незалежнасць, далі нам магчымасць жыць пад мірным небам, будаваць дамы, ствараць сем’і, гадаваць дзяцей. Менавіта тут, у Шарашэве, у 1960 — 1990-х гадах мы неслі баявое дзяжурства на ракетных комплексах стратэгічнага прызначэння. Менавіта яны паслужылі стрымліваючым фактарам на сусветнай арэне для прадухілення ваенных канфліктаў. І сённяшняя ваенна-палітычная абстаноўка сведчыць аб тым, што навучэнцы павінны гэту эстафету падхапіць і ў далейшым дакладна разумець, як абараняць сваю радзіму, раўняючыся на сваіх герояў-землякоў, — падкрэсліў старшыня савета ветэранаў РВСН па Брэсце Алег Тараскін.
Для Шарашоўскай школы прысваенне імя героя — падзея доўгачаканая. Кіраўніцтва ўстановы адукацыі пэўны час ішло да гэтай мэты, выканала ўсе неабходныя патрабаванні і па ўсіх паказчыках школа заслужыла гэта высокае званне. Імя легендарнага камбрыга зараз ушанавана не толькі на гранітнай пліце, яно застанецца жыць у сэрцы кожнага земляка, а яго подзвігі стануць яркім прыкладам мужнасці, неверагоднай сілы волі на шляху да вялікай перамогі.
Вельмі сімвалічна, што на ўрачыстасці прысутнічалі ўнук героя Сяргей Барысавіч Хацімскі са сваёй жонкай Кацярынай Уладзіміраўнай. Яны прыехалі з Масквы, каб далучыцца да знамянальнай падзеі. Пабываўшы на радзіме дзядулі ўпершыню, са слязьмі на вачах успрымалі ўсё, што адбывалася. Іх уразіла беларуская гасціннасць і тая вялікая ўвага, якая надаецца ў нашай краіне ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Для мужа і жонкі Хацімскіх — гэта сапраўды знакавая падзея. Яны перадалі школе некаторыя асабістыя рэчы дзядулі, франтавыя лісты і арыгіналы дакументаў, а таксама яго партрэт. Усё гэта зойме ганаровае месца ў музеі «Баявой славы».
Знакаміты выраз рускага палкаводца Аляксандра Суворава: «Героямі не нараджаюцца, імі становяцца» — стаў лейтматывам мерапрыемства. У ім сапраўдная ісціна, глыбокі сэнс і вялізная каштоўнасць. Дык няхай нашы ўчынкі будуць пераплецены з любоўю да радзімы, да нашых каранёў, даюць нам сілы ўпэўнена ісці наперад, заўсёды заставацца вернымі сваім перакананням і сваёй мары.
Ірына Велясевіч.
Фота аўтара