Свята роднай мовы

Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае “мама”
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
“Родная мова” П. Панчанка

         Мова… Мова родная… Матчына мова…. Так ласкава называем мы наш скарб, наш духоўны набытак. Гэта наша гісторыя, наша скарбонка культуры, яна захоўвае культурныя каштоўнасці. Мова – гэта магутны сродак, які пераўтварае людскую супольнасць у нацыю праз захаванне і перадачу культурнай спадчыны. Таму такім урачыстым і важным у культурным жыцці Беларусі выступае  21 лютага Свята роднай мовы.

З гэтай нагоды 21 лютага ў нашай школе прайшоў шэраг цікавых мерапрыемстваў.  Для вучняў 6-га класа была арганізавана віктарына “Любі, шануй, ведай роднае слова!”. У гульні прымалі ўдзел 3 каманды: “Званочкі”, “Птушкі” і “Васількі”. Удзельнікі гульні-спаборніцтва падбіралі азначэнні, з дапамогай якіх характарызавалі нашу родную мову, збіралі са слоў выказванні славутых беларусаў, адказвалі на пытанні “Жартоўнай віктарыны”, выбіралі неабходныя словы, якімі вітаюцца, развітваюцца, словы-зычэнні. Шасцікласнікі падбіралі адпаведнікі да рускіх слоў, віншавалі родную мову прыгожымі паштоўкамі са словамі-пажаданнямі, складалі сінквейн на тэму “Мова”. За кожнае правільна выкананае заданне ўдзельнікі атрымлівалі балы. Перамогу атрымала каманда “Званочкі”.

На кожным перапынку можна было пачуць сучасныя песні на беларускай мове. Апошнім жа акордам была акцыя “Смак беларускай мовы”, дзякуючы якой дзеці даведаліся пра цікавыя беларускія назвы з’яў прыроды.

Трэба адзначыць імпэт, жаданне, эмацыянальнасць, добрыя веды і пранікнёнасць нашых вучняў да гэтага свята!

 

Добавить комментарий