История БПСРОиН
Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі
Радавод Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі бярэ свой пачатак на мяжы XІX і XX стагоддзяў, калі разам з рэфарматарскімі педагагічнымі таварыствамі ствараліся таварыствы ўзаемадапамогі настаўнікаў народных вучэльняў Віленскай (1899 г.), Віцебскай (1897 г.), Гродзенскай (1899 г.), Мінскай (1901 г.), Магілёўскай (1900 г.) губерняў. Іх дзейнасць пасля выдання ў 1894 г. Міністэрствам народнай асветы ”Нормального устава обществ вспомоществования учащим и учившим в начальных народных училищах“ фармальна абмяжоўвалася рамкамі матэрыяльнай узаемадапамогі на лячэнне, аздараўленне, прафесійную адукацыю дзяцей настаўнікаў, прадастаўленне ім інтэрнату на час навучання і інш. Сродкі ў таварыствы паступалі за кошт членскіх узносаў, дабрачынных ахвяраванняў і ад гарадскіх упраў. Таварыствы да ”хворых месцаў сціплага працаўніка, народнага настаўніка“ адносілі ”поўнае няведанне імі сваіх правоў і суцэльную бездапаможнасць у вырашэнні пытанняў, што ставіць жыццё“.