Святкуем міжнародны дзень тэатра на сцэне!

   27 сакавіка ў БрДУ прайшоў універсітэцкі адкрыты конкурс інсцэніровак па творах беларускіх пісьменнікаў.  Звяртаючыся да ўдзельнікаў, доктар філалагічных навук прафесар Зоя Пятроўна Мельнікава адзначыла, што сярод твораў беларускай літаратуры багата тых, якія напісаны спецыяльна для пастановак на сцэне. Майстэрства ж пераўвасабляцца ў пэўнага героя развівае артыстызм, нестандартнае мысленне і творчыя здольнасці.

    Сёлета са сваімі тэатральнымі пастаноўкамі выступалі  калектывы школ Брэста і вобласці. Нашу школу на абласным конкурсе прадстаўлялі таленавітыя вучні 5 класа – Крываблоцкі Ігар і Брэская Сафія, якія прэзентавалі гледачам інсцэніроўку “Сустрэча Маленькага прынца з Лісам” (з “Маленькага прынца” Антуан дэ Сэнт-Экзюперы ў перакладзе Ніны Мацяш). Варта адзначыць, што гэта былі самыя юныя ўдзельнікі конкурсу. Аднак гэта не перашкодзіла ім бліскуча выступіць і атрымаць перамогу!

 Па выніках конкурсу журы адзначыла высокае выканальніцкае майстэрства і артыстызм нашага маладога калектыву.  Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Кавалюк Алена Сцяпанаўна ўручыла нашаму драматычнаму аб’яднанню дыплом пераможцаў конкурсу і салодкія падарункі.

  Жадаем нашым акторам новых творчых здзяйсненняў на тэатральнай ніве!

Добавить комментарий