История БПСРОиН

  • Автор записи:
  • Комментарии к записи:0 комментариев

Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі

   Радавод Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі  і навукі бярэ свой пачатак на мяжы XІX і XX стагоддзяў, калі разам        з рэфарматарскімі педагагічнымі таварыствамі ствараліся таварыствы ўзаемадапамогі настаўнікаў народных вучэльняў Віленскай (1899 г.), Віцебскай (1897 г.), Гродзенскай (1899 г.), Мінскай (1901 г.), Магілёўскай (1900 г.) губерняў. Іх дзейнасць пасля выдання ў 1894 г. Міністэрствам народнай асветы ”Нормального устава обществ вспомоществования учащим и учившим в начальных народных училищах“ фармальна абмяжоўвалася рамкамі матэрыяльнай узаемадапамогі на лячэнне, аздараўленне, прафесійную адукацыю дзяцей настаўнікаў, прадастаўленне ім інтэрнату на час навучання і інш. Сродкі ў таварыствы паступалі за кошт членскіх узносаў, дабрачынных ахвяраванняў і ад гарадскіх упраў. Таварыствы да ”хворых месцаў сціплага працаўніка, народнага настаўніка“ адносілі ”поўнае няведанне імі сваіх правоў і суцэльную бездапаможнасць у вырашэнні пытанняў, што ставіць жыццё“.

   У гэты ж час на настаўніцкіх курсах часта ўзнікалі не толькі ідэі згуртавання, але і ствараліся прафсаюзныя гурткі. З 1895 г. праводзіліся з’езды народных настаўнікаў, якія сталі формай іх удзелу ў абмеркаванні пытанняў школьнага будаўніцтва.

   Сімвалам кансалідацыі настаўніцтва стаў праведзены ў час зімніх канікул 1902-1903 гг. Усерасійскі З’езд настаўніцкіх таварыстваў узаемадапамогі. У мэтах паляпшэння ўмоў працы настаўнікаў, павышэння іх адукацыйнага ўзроўню, умацавання іх аб’яднанняў з’езд прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы Статута Усерасійскага саюза настаўніцкіх таварыстваў.

   У 1903 – 1904 гг. дэмакратычна настроеныя настаўнікі бачылі спосаб устаранення невыгодных умоў працы ў аб’яднанні і стварэнні Саюза народных настаўнікаў. 12 сакавіка 1905 года ў Санкт-Пецярбурзе з удзелам групы актывістаў з Віцебску, Вільні, Гародні, іншых рэгіёнаў Беларусі быў праведзены арганізацыйны сход па пытаннях заснавання Саюза народных настаўнікаў і іншых дзеячаў па народнай адукацыі.

   Пад уплывам росту працоўнага руху на Устаноўчым з’ездзе, што праводзіўся 9 чэрвеня 1905 года ў Фінляндыі, было абвешчана стварэнне Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў па народнай адукацыі, які на той час аб’ядноўваў ужо каля 10 тысяч настаўнікаў. У сваіх дакументах з’езд адзначаў, што неабходная рэарганізацыя школы ”на прынцыпах свабоды, дэмакратызацыі“ немагчыма ў рамках ”бюракратычнага ладу“. Статутам Саюза адзначалася, што ён з’яўляецца прафесійным і палітычным. У Статуце адлюстраваныя ідэі арганізацыйнай будовы, уласцівыя сучаснай прафсаюзнай структуры. Улады жорстка распраўляліся з актывістамі Саюза, а на працягу 1907 года большасць яго рэгіянальных аддзяленняў была распушчана. Тым не менш, Саюз працягваў дзейнічаць, часам адмаўляючыся ад палітычнай платформы, але не губляючы галоўнага – абароны прафесійных інтарэсаў работнікаў адукацыі.

   Уздым актыўнасці прафесійнага руху педагогаў Беларусі назіраўся ў 1906 годзе, калі змушаны лічыцца з ростам прафсаюзнага руху Царскі ўрад прымае ”Часовыя правілы аб прафесійных таварыствах“, якімі ўстанаўлівае забарону на стварэнне прафесійных аб’яднанняў настаўнікаў, прыраўніваючы педагогаў да дзяржаўных служачых. Але на Віцебскім губернскім з’ездзе настаўнікаў 13 чэрвеня, у працы якога ўдзельнічалі больш 300 дэлегатаў, быў створаны настаўніцкі саюз, абраны дэлегаты на Усерасійскі з’езд настаўнікаў.

У сяле Мікалаеўшчына Свержаньскай воласці Мінскага павету       9 ліпеня збіраецца першы настаўніцкі з’езд Мінскай губерніі. Ён быў спробай арганізацыйнага аб’яднання вясковага настаўніцтва ”для змагання за вызваленне з грамадзянскай і палітычнай няволі, за поўную рэформу школы, арганічна злучыўшы яе з патрэбамі жыцця“. З’езд абмеркаваў праграму Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў па народнай адукацыі і пастанавіў далучыцца да яго, прыняўшы гэту праграму.        У рукапіснай адозве, што пачыналася зваротам ”Таварышы настаўнікі“, цяжкае становішча народнага настаўніка тлумачыцца ўмовамі палітычнага жыцця, самадзяржаўным ладам, і настаўнікаў заклікаюць усімі сіламі садзейнічаць яго падзенню. У пратаколе з’езда, які трапіў у рукі паліцыі, было напісана не менш пэўна: паколькі ажыццяўленне пастаўленых задач немагчыма пры інуючым ладзе, неабходна ”актыўна імкнуцца да звяржэння яго шляхам непасрэднага ўплыву на сялян, іх арганізацыі“. З’езд праводзіўся нелегальна і быў разагнаны стражнікамі пасля прыняцця Статута, якім ставіліся не толькі прафесійныя, але і палітычныя мэты. Пасля разгону ўдзельнікі з’езда прыйшлі на бераг Нёмана, дзе зараз знаходзіцца своеасаблівы помнік гэтай значнай для ўсяго беларускага настаўніцтва падзеі. Сярод арганізатараў і 19 ўдзельнікаў з’езда былі слынныя айчынныя педагогі, у будучым Народны паэт Беларусі Якуб Колас (К. Міцкевіч) і дзіцячы пісьменнік, адзін з першых беларускіх эсперантыстаў Янка Маўр (І. Фёдараў), подпіс якога стаяў першым пад пратаколам з’езда. Абодва ўваходзілі ў склад абранага з’ездам часовага бюро Мінскай групы настаўнікаў. Арыштаваныя ўдзельнікі з’езда на допытах у паліцыі прыхоўвалі сапраўдную сутнасць мерапрыемства, зводзячы яго да звычайнай вечарынкі, своеасаблівай вясёлай маёўкі. Судовая справа цягнулася амаль два гады, пасля чаго Я. Колас быў асуджаны на тры гады турэмнага зняволення, а Я. Маўр так і не быў дапушчаны да настаўніцкай працы і ўзяты пад нагляд паліцыі.

   У жніўні адбыўся другі з’езд саюза у г. Мінску. Большасць яго ўдзельнікаў былі асуджаны Віленскай Судзебнай палатай да заключэння. Гэта найбольш яскравыя прыклады працэсаў у настаўніцкім асяродку.

   Пасля ІV З’езда Усерасійскага саюза 1907 года яго дзейнасць стала паступова згортвацца, спробы яе ажыўлення рабіліся ў 1912-1914 гг., аднак па розных прычынах, у тым ліку з-за палітычных рознагалоссяў гэта не ўдалося і падчас чарговага Усерасійскага З’езда.

   Перыяд легалізацыі, уздыму прафсаюзнага руху ў Беларусі – 1917 год, калі з падзеннем самадзяржаўя ў буйных гарадах сталі стварацца саюзы па прафесіі, а ў невялікіх гарадах і мястэчках – аб’яднаныя прафсаюзныя арганізацыі. Гэта азначала наступленне ў прафсаюзным руху этапу арганізацыі і дзейнасці масавых, легальна дзеючых прафсаюзаў.

   У поўнай ступені дзейнасць Усерасійскага Саюза была адноўлена ў 1917 годзе. На жнівеньскім З’ездзе ён быў названы Усерасійскім настаўніцкім Саюзам. Яго палітычная пазіцыя зводзілася да падтрымкі Часовага ўрада. У сваю чаргу яго ўнутраная будова была няпэўнай         з прычыны дзялення па шэрагу рознародных прызнакаў – тып школ, прадмет выкладання, ведамасная падпарадкаванасць і г.д.

   Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі лёс Усерасійскага настаўніцкага Саюза залежаў ад стасункаў з новай уладай. Заклік А.В. Луначарскага да супрацоўніцтва Саюз не прыняў. Пралетарская частка настаўніцтва выйшла са складу Саюза, стварыўшы ў снежні 1917 года Саюз настаўнікаў-інтэрнацыяналістаў, які стаў асноўным ядром для стварэння галіновага прафсаюза. Узімку 1918 г. Усерасійскі настаўніцкі Саюз пастановай Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта быў распушчаны.

   Складаны перыяд нямецкай і польскай акупацыі характэрны шматграннасцю настаўніцкіх арганізацый па цэхавых і нацыянальных прыкметах, калі ствараюцца саюзы настаўнікаў прыхадскіх вучэльняў, настаўнікаў – беларусаў, яўрэяў і інш., з’яўленнем у 1918 годзе першай у галіне калектыўнай дамовы ў адной з прыватных мінскіх гімназій.

    Пасля правядзення ў маі 1919 года ў Маскве І Усерасійскага з’езда настаўнікаў-інтэрнацыяналістаў у ліпені было арганізацыйна аформлена стварэнне Усерасійскага саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры. Але толькі ўвосень 1920 года ў Мінску было створана яго Часовае праўленне, яно правяло падрыхтоўчую работу па скліканні з’езда, які адбыўся 8-11 студзеня 1921 года. Ад гэтай даты вядзецца адлік гісторыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

   З 1922 па 1934 год прафсаюз работнікаў асветы аб’ядноўваў работнікаў школ, дзіцячых садкоў і дамоў, навуковых, вышэйшых навучальных устаноў і палітасветустаноў. Ствараюцца прафсаюзныя арганізацыі навучэнскай моладзі, якія спачатку аб’ядноўвалі навучэнцаў, што мелі адпаведную прафесію да паступлення ў навучальную ўстанову, потым гэтыя арганізацыі будаваліся, зыходзячы з прыналежнасці да адпаведнай навучальнай установы, факультэта, аддзялення, курса і г.д.

   Дзейнасць прафсаюза ў гэтыя гады характарызуецца актыўным удзелам у станаўленні айчыннай сістэмы адукацыі, выхаванні, ліквідацыі масавай непісьменнасці, ажыццяўленні ўсеагульнай асветы і культурнай рэвалюцыі. Члены прафсаюза выявілі ўзоры спадзвіжніцтва ў вялікай справе ліквідацыі адсталасці, далучэння дзяцей, дарослых да ведаў, дасягненняў культуры, навукі і тэхнікі. Здзейсненае атрымала годную адзнаку ў 1931 годзе, калі за поспехі ў справе адукацыі, актыўны ўдзел   у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці настаўніцкі з’езд, прафсаюз былі ўзнагароджаны рэспубліканскім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

   У гэты ж перыяд афармляюцца і мацнеюць нізавыя прафесійныя ячэйкі, у Мінску адчыняецца Дом работнікаў асветы, ідзе паэтапнае павышэнне заработнай платы работнікаў галіны. Прадстаўнікі прафсаюза удзельнічалі ў працы прыёмных камісій, камплектаванні навучальных устаноў і рабфакаў перадавымі працоўнымі і сялянствам, пашырэнні прафесійна-тэхнічных школ і школ фабрычна-заводскага навучання.

   З 1933 года на прафсаюзы было ўскладзена выкананне шэрагу дзяржаўных функцый: дзяржаўны нагляд і кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы і правілаў аховы працы, кіраванне сацыяльным страхаваннем. Прафсаюзы мелі непасрэднае дачыненне да будаўніцтва, размеркавання жылля, арганізацыі дзейнасці санаторыяў, прафілакторыяў, дамоў адпачынку, пансіянатаў, турызму, фізічнай культуры, спорту і інш.

   У 1934 годзе ў прафсаюзе ажыццёўлены шэраг арганізацыйных пераўтварэнняў. Ён быў расфармаваны, а на яго базе ўтвораны 8 самастойных прафсаюзаў, у тым ліку агульнасаюзны прафсаюз работнікаў вышэйшай школы і навуковых устаноў, самастойныя прафсаюзы работнікаў пачатковых і сярэдніх школ Беларусі, а таксама дашкольных устаноў.

   Далёка не заўсёды рэарганізацыі ішлі на карысць, але прафсаюз у любых абставінах не выпускаў з поля зроку галоўнае: усяляк садзейнічаў удасканаленню сістэмы адукацыі, умоў працы і побыту, дабрабыту, аховы здароўя работнікаў галіны. Функцыі і паўнамоцтвы прафсаюза служылі гэтым высокім мэтам. Адданасць ім ён даказаў і ў цяжкія часы Вялікай айчыннай вайны, калі члены галіновага прафсаюза лічылі сябе не па форме, а па сутнасці ”мабілізаванымі і закліканымі“.

   Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў самай першай справай для прафсаюза стала адраджэнне сістэмы адукацыі. Пры вострым недахопе самага неабходнага прадпрымаліся вялікія намаганні па звароту да жыцця навучальных устаноў. Прафсаюз актыўна ўключыўся ў работу па аднаўленню сістэмы адукацыі, павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў, выяўленню дзецей-сірот, паўсірот, аказанню ім дапамогі. Асаблівая ўвага была накіравана на своечасовасць выплаты заробку, забеспячэнне спецвопраткай, будаўніцтва жылля для настаўнікаў, кадравае забеспячэнне, матэрыяльна-тэхнічны стан вучэбных устаноў, якія часта размяшчаліся ў найманых памяшканнях. Абкамамі прафсаюза прымаліся рашэнні аб будаўніцтве школ метадам народнай будоўлі.

   У 1948 годзе ў інтарэсах большай кансалідацыі намаганняў, для больш хуткага аднаўлення і развіцця народнай адукацыі аб’ядноўваюцца прафсаюз работнікаў пачатковых і сярэдніх школ з прафсаюзам работнікаў дашкольных устаноў.

   У 1956 годзе прафсаюз атрымлівае назву прафсаюза работнікаў адукацыі. У кастрычніку 1957 года прафсаюзы асветы ўсіх рэспублік СССР аб’ядналіся ў адзіны прафсаюз работнікаў асветы, вышэйшай школы       і навуковых устаноў. Ён функцыянаваў не адно дзесяцігоддзе, зрабіўшы годны ўнёсак ва ўдасканаленне сістэмы адукацыі, выхаванне новых пакаленняў. Дзякуючы творчым высілкам, высокаму прафесіяналізму настаўніцкага, прафесарска-выкладчыцкага корпуса рэспублікі беларуская мадэль адукацыі па шэрагу параметраў выйшла на перадавыя пазіцыі.

   Прыярытэтнымі для прафсаюза ў гэты час былі вызначаныя арганізацыйна-вытворчыя функцыі: удзел у вырашэнні вытворчых задач, умацаванні працоўнай дысцыпліны, рэгуляванні сацыяльна-працоўных пытанняў, ахове грамадскага парадку, арганізацыі дзейнасці таварыскіх судоў. Адзяржаўленне прафсаюзаў не было абсалютным, але шмат у чым прадвызначала, абумоўлівала статус, стыль і метады працы прафсаюзных арганізацый. Але трэба адзначыць, што ў гэтых своеасаблівых умовах рэспубліканская арганізацыя прафсаюза, яе кадры, актыў назапасілі шмат у чым унікальны, рознабаковы досвед, значны пазітыўны патэнцыял, які і да гэтага часу служыць на карысць прафсаюзнай працы. Сфармавалася плеяда творчых, ініцыятыўных, аўтарытэтных лідараў, што ў прынцыпова іншых умовах дасканала прадстаўлялі і паслядоўна абаранялі на ўсіх узроўнях правы і жыццёвыя інтарэсы работнікаў галіны, а разам з тым    і правы грамадзян Беларусі на роўны доступ да ведаў, якаснай адукацыі.

   Рэспубліканская арганізацыя прафсаюза праіснавала да верасня 1990 года. Пераходны перыяд быў складаным і супярэчлівым. Работнікі адукацыі патрапілі ў катэгорыю малазабяспечаных. Прафсаюзы засталіся практычна адзінай масавай арганізацыяй, якая абараняла інтарэсы людзей працы. Таму захаванне здольнага процістаяць негатыўным тэндэнцыям у адукацыйнай, сацыяльна-працоўнай сферы моцнага, адзінага галіновага прафсаюза, стала сапраўды найважнейшай мэтай. Яна далася нялёгка.

   У верасні 1990 года адбыўся I з’езд прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі, які прыняў часовы Статут, Праграму дзейнасці, што абвясцілі самастойнасць, незалежнасць прафсаюза ад органаў улады, палітычных партый і рухаў, а галоўнай задачай прафсаюза вызначылі абарону прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў, законных інтарэсаў яго членаў. Прафсаюз стаў адным з заснавальнікаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У сакавіку 1991 года прафсаюз быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі, а 3 мая ўпершыню заключана галіновае пагадненне з Міністэрствам народнай адукацыі. Падмацаваныя масавымі забастоўкамі, мітынгамі, пікетамі патрабаванні па ўзмацненні сацыяльна-эканамічнай абароны работнікаў галіны накіраваны Ураду, Вярхоўнаму Савету. У выніку прафсаюз дамогся задавальнення часткі патрабаванняў. Так пачынаўся новы перыяд яго дзейнасці.

   Час паказаў, што зацікаўленыя ў развіцці галіны сацыяльныя партнёры не могуць быць увесь час па розныя бакі барыкад. Здольнасці знаходзіць кампраміс, канструктыўна спрачацца, пагаджацца на рэальнае, дасягаць найбольш важных для работнікаў і навучэнцаў гарантый сталі праявамі сапраўднага сацыяльнага партнёрства, уласцівага практычна ўсяму перыяду дзейнасці самастойнага галіновага прафсаюза. Правёўшы мадэрнізацыю ключавых сістэм прафсаюзнага арганізма, здабыўшы адэкватнае новаму часу, дзяржаўнаму і грамадскаму ладу жыцця аблічча, прафсаюз здолеў захавацца як найбуйнейшае, уплывовае прафсаюзнае аб’яднанне краіны.

   Прафсаюзу прыйшлося прайсці цераз перыяд з’яўлення і дзейнасці альтэрнатыўных прафсаюзных арганізацый, выхаду з галіновага прафсаюза шэрагу арганізацый. З гэтага вопыту таксама былі вынесены адпаведныя высновы. Але час, само жыццё даказалі бясплённасць драблення.

   Салідарнасць, адзінства, гатоўнасць ахвяраваць прыватным дзеля агульнага – галоўныя каштоўнасці галіновага прафсаюза. Захаваць іх дазволіла найперш вернасць традыцыям, што закладваліся некалькімі плеядамі кіраўнікоў галіновага прафсаюза, сапраўдных лідараў педагагічнай грамадскасці. Сярод іх Канстанцін Сцяпанавіч Чарноў, Сямён Паўлавіч Ляснічы, Аляксандр Іванавіч Самарын, Яўгенія Цімафееўна Смірнова, Святлана Максімаўна Собалева, Тамара Іосіфаўна Чобатава, Андрэй Васільевіч Лук’яновіч, Аляксандр Аляксандравіч Бойка, якія сваімі досведам, ведамі, справай засведчылі адданасць прафсаюзу.

    Зноў адзіны, абноўлены галіновы прафсаюз працягвае быць моцным, дзейсным, поўным рашучасці выканаць сваю высокую місію – быць годным прадстаўніком, паслядоўным абаронцам жыццёвых інтарэсаў аб’яднанай ім 600-тысячнай арміі людзей, чыё жыццё, праца, вучоба звязаны з важнейшай сацыяльнай сферай, у якой – будучыня Беларусі.

Добавить комментарий