10.06.2017 г. «Раённыя будні»

Жыццё, як па нотах…

Гэты «шарашэўскі салавей» — менавіта так у музычных колах называюць Івана Купрыянавіча Ляшчынскага — змяніў маё ўяўленне пра настаўнікаў фізкультуры. Да сустрэчы з ім я была ўпэўнена, што спорт і музыка практычна несумяшчальныя. Аказалася, не. Можна паўстагоддзя вучыць дзяцей бегаць, скакаць, пераадольваць перашкоды і столькі ж не сыходзіць з лепшых сцэн горада і раёна, сваімі выступлениямi ўпрыгожваць канцэртныя праграмы. 

Праўда, якая са старонак гэтай кнігі жыцця заслугоўвае больш увагі, ён сказаць не можа. Паспрабуем, з яго дазволу, яе пагартаць.

Ад бацькоўскага парога…

Іван Купрыянавіч з’явіў ся на свет семдзесят гадоў таму ў Шарашэве… на парозе хаты, у якой жыве і цяпер. Як сцвярджае сам, можа, менавіта нараджэнне ў такім сак­ральным месцы, дзе, згодна са старажытнымі вераваннямі, жывуць духі — захавальнікі дома, і дапамагло вырасці самым ду- жым і здаровым дзіцём у вялікай сям’і.

Купрыян Ляшчынскі, вядомы ў той час па акрузе сталяр, працаваў у леспрамгасе, усё жыццё займаўся вырабам вокнаў і дзвярэй. Свае навыкі і перадаў сыну Івану (цяпер той падтрымлівае родны дом на працягу столькіх гадоў у добрым стане). А мама, простая сялянка, у цяжкасцях гадавала шасцярых дзяцей (Ванечка быў пятым). На працу ў калгас выходзіла на перыяд жніва — жняя яна была добрая.

Старэйшыя браты і сёстры з’ехалі вучыцца. Калі бацька хварэў, роля асноўнага здабытчыка i памочнiка  пераходзiла да Iвана. Хлопчыку даводзілася жаць, касіць, падпрацоўваць пастухом, дзеля чаго нават вымушаны быў прапускаць урокі ў школе. Па-сапраўднаму праявіць здольнасці Ваня паспеў толькі ў літаратуры (па куль пасвіў кароў, шмат чытаў), фізкультуры і… музыцы (апе пра гэта крыху пазней).

Сустрэча са спортам

Спартыўны і рухавы хлопчык заўсёды выступаў за першынство школы і нават раёна ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Асабліва вылучаўся ў спрынце і скачках у даўжыню. Таму, калі паўстала пытанне, куды паступаць, з усіх навучальных устаноў абраў Мінскі інстытут фізкультуры. Праўда, «заскочыць» сюды з першай спробы не атрымалася. Толькі адпрацаваўшы год настаўнікам фізкультуры (а таксама чарчэння, фізікі і абслугоўваючай працы) ў Сухопальскай школе, Іван узяў гэтую «вышыню». I застаўся верным спорту, да выхаду на пенсію працаваў у Ша­рашэве настаўнікам фізкультуры. За гэты час неаднаразова школьныя каманды, якія ён трэніраваў, заваёўвалі на прэстыжных спаборніцтвах дыпломы вышэйшай якасці.

У 1980-х гадах Ляшчынскі працаваў адначасова яшчэ і на Ружанскай турбазе, у гэты перыяд для сваіх каманд арганізоўваў турпаходы ў Крым і Карпаты. А сем гадоў таму, адпрацаваўшы год выратавальнікам у гарадскім аквапарку, канчаткова развітаўся са спортам.

Сустрэча з музыкай

З музыкай яго пазнаёмiў яшчэ ў школьную пару ягоны тёзка, дырэктар Шарашоўскага клуба Iван Сямёнавіч Бакуменка. Гэты выдатны музыкант прыйшоў у школу і выбраў здольных дзяцей у ан­самбль народных інструментаў. Дзякуючы асаблівай аўтарскай методыцы, вучні вельмі хутка асвоілі сальфеджыа і пачалі іграць на розных інструментах. Здаравяку Івану неяк адразу спадабаўся «сур’ёзны» кантрабас.

– «Бакуменкаускiя» ноткi былi асаблiвымi, лічбавымі, — расказвае Іван Купрыянавіч. — Такіх вы ні ў адной музычнай школе не сустрэнеце. Уяўляеце, на нотным ста­не замест нот ён маляваў лічбы, пазначаючы адразу ступені! Я цяпер ужо так і не сыграю, а тады гэта было проста. Іван Сямёнавіч развіў у нас здольнасці інструменталістаў і вакалістаў, але ў спевакі выбіўся толькі я.

Іван Ляшчынскі, яшчэ калі вучыўся ў восьмым класе, паспяхова выступаў нават ў Брэсце, Мінску падчас розных мерапрыемстваў. Яго прыгожы тэнар ведаюць і жыхары Шарашэва, і пружанская публіка.

Сустрэча з песняй

3 удзячнасцю спявак успамінае і іншых сваіх настаўнікаў, якія дапамаглі яму падняцца на музычны алімп. Перш за ўсё, Валянціну Антонаўну Каробку, былога кіраўніка хору «Чырвоны гваздзік», у складзе якога ён саліраваў на кож­ным канцэрце. «Песня пра салдата», «Я люблю цябе, жыццё», «Белыя крылы» — гэтыя песні доўгія гады служылі візітнай карткай калектыву. Дарэчы, з апошняй Іван Купрыянавіч нават выступаў у Гайнаўцы, прадстаўляючы Пружанскі Дом культу­ры, і, як адзін з лепшых спевакоў, быў узнагароджаны відэаплэерам.

— Усё маё жыццё прайшло з песняй. Эх, трэба было мне ісці не ў фізкультуру, а ў мастацтва і на прафесійным узроўні займацца музыкай, як мае куміры — Муслім Магамаеў і Вадзім Мулерман, — з жалем кажа суразмоўца.

Трэба адзначыць, ён і сёння саліруе ў Валянціны Антонаўны — у хоры, створаным пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, перыядычна прыязджае ў горад на спеўкі. Гледачы, якія засу- мавалі па шарашэўскім «Павароці», віталі Івана Ляшчынскага шчырымі апладысментамі на свя­точных канцэртах з нагоды Дня жанчын у Роўбiцку i Сухопалi. Засумавалi, таму што два гады ён маўчаў. Прымусiла бяда.

Сустрэча з каханнем

Пазнаёмiўся з ёю проста на вулiцы. Ён – старшакласнiк, яна – настаўнiца фiзiкi. Якая прыехала ў Шарашэва з Мiнскай вобласцi, старэйшая за яго на адзiнаццаць гадоў…

Здавалася б, непераадольныя бездані былі паміж імі. Але мастком праз іх лягло каханне. Варта было Івану толькі дачакацца паўналецця, Ляшчынскія ўзялі шлюб.

Два гады таму Кацярына Канстанцінаўна нечакана сышла з жыцця.

— Калi б вы ведалi, як нас асуджалi, як часам шапталiся ўслед! Але мы на зайздрасць усім пражылі дружна і шчасліва пяцьдзясят гадоў! Вось я нядаўна прачытаў пра прэзідэнта Францыі Макрона, жонка якога старэйшая за яго на 25 гадоў, і думаю, ну, не адзін я дзівак на белым свеце, — з цяжкасцю хаваючы смутак, яшчэ спрабуе жартаваць Іван Купрыянавіч. — Калі я чагосьці і дасягнуў у жыцці, то толькі дзякуючы ёй…

Пасля смерці жонкі замоўкла і песня. Але нядаўна Іван Ляшчынскі вярнуўся на сцэну. Дзеля дзвюх дачок, трох унукаў і праўнучкі, якім тлумачыць сваё жыццёвае крэда. Згодна з ім, мужчына па­вiнен не толькі пабуда ваць дом, пасадзіць сад, вырасціць дзяцей, але і даць ім у рукі «вуду» — здольнасць жыць, лавіць поспех і трымацца на плы­ву, нягледзячы ні на якія нягоды.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, «Раённыя буднi», 10 чэрвеня 2017 г.

Добавить комментарий